Война

Кацярына Кулакова

«Вось гляджу на тэрмометр – дома +13. На мне тры пласты адзення, дзве пары шкарпэтак і яшчэ тапкі з мехам, з якіх звычайна смяяліся»

З-за расійскіх удараў па ўкраінскай энергасістэме вялікая частка Кіева і вобласці жывуць ва ўмовах амаль поўнага блэкаўту. З 9 студзеня жыхары сталіцы засталіся без пастаяннага святла, ацяплення і вады. Беларуска, якая жыве ў Кіеве, падрабязна распавяла «Салідарнасці», з якімі бытавымі праблемамі цяпер сутыкаецца і як гэта ўплывае на штодзённае жыццё і эмацыйны стан.

Кіеў, 15 студзеня 2026-га. Фота: Roman Pilipey/AFP/Getty Images

«Каб сагрэцца, пастаянна п’ём гарачыя напоі: гарбату, каву, ваду з цытрынай»

— Учора (мы размаўляем 22 студзеня — С.) у нас не было святла да самай раніцы. Дзесьці каля трэцяй ночы далі — я ўстала, каб паставіць усе гаджэты на зарадку, а ўжо раніцай святла зноў не было, — распавядае Інга (імя зменена па просьбе гераіні — С.). Разам з тым не было і сувязі — амаль не прыходзілі паведамленні. Святло з’явілася толькі позна ўвечары.

Самае прыкрае, што не ведаеш, калі будзе святло і ці будзе ўвогуле, бо раней былі графікі — можна было планаваць працу і хатнія справы. Цяпер гэта немагчыма.

Што тычыцца ацяплення, то тут нам пашанцавала — цалкам яно адсутнічала толькі адзін дзень. Але зараз батарэі ледзь цёплыя. У адным пакоі яшчэ больш-менш, а ў другім вельмі холадна. Вось гляджу на тэрмометр — дома +13. На мне цяпер тры пласты адзення, дзве пары шкарпэтак (адна з якіх ваўняная) і яшчэ тапкі з мехам, з якіх звычайна смяяліся, але цяпер гэта трэнд 2026 года ў Кіеве.

Зараз уся сям’я перабралася ў адзін пакой, бо так лягчэй зберагчы цяпло. Каты таксама з намі спяць. Накрываемся некалькімі коўдрамі, пледамі. У іншыя пакоі зачыняем дзверы, каб не страчваць цяпло.

Таксама купілі партатыўныя зарадкі, павесілі гірлянды на батарэйках. Робім выгляд, што ў нас такая рамантычная атмасфера, а не блэкаўт. Гэтыя гірлянды сапраўды дапамагаюць і ствараюць настрой.

Таксама ў нас ёсць розныя лямпы — тут дзякуй AliExpress. Яшчэ адзін лайфхак — хімічныя грэлкі або пляшкі з гарачай вадой, якія можна пакласці пад плед. Да таго ж нам пашанцавала — ёсць вада і газавая пліта, таму гатаваць можна без праблем. Каб сагрэцца, пастаянна п’ём гарачыя напоі: гарбату, каву, ваду з цытрынай.

«Не магу сабе дазволіць памыць галаву»

Інга распавядае, што яе арганізм ужо прывык да паветраных трывог уначы, таму, калі гучыць сірэна, яна не прачынаецца:

— Але калі ўначы даюць святло і ўключаецца халадзільнік, я чую гэты гук. Магчыма, таму што псіхіка яшчэ не прывыкла да такога гуку ўначы. Таму я прачынаюся і бягу ставіць усё на зарадку. Потым не магу заснуць гадзіну або дзве. Увогуле сон вельмі перарывісты. Днём гэта адчуваецца, ёсць стомленасць. Але такія цяпер умовы.

З бытавых праблем — яшчэ і немагчымасць памыць галаву. У мяне доўгія валасы, патрэбна каля 2,5 гадзін, каб яны высахлі. Але зараз вельмі холадна ў кватэры, таму не магу гэтага сабе дазволіць, бо змерзну. Таму чакаем святла, вельмі хуценька мыем галаву і сушым фенам.

Цяжка таксама хварэць. Дачцэ нядаўна трэба было рабіць інгаляцыі па 4-5 разоў на дзень. Але ў нас інгалятар працуе ад электрычнасці. Хадзіць у пункт незламнасці, дзе ёсць электрычнасць, — такі сабе варыянт для хворага дзіцяці.

Таму я знайшла і купіла спецыяльны провад, які падключыла да інгалятара і павербанка. Дзякуючы гэтаму дачка паправілася. Потым гэты провад падышоў да роўтара, і калі яго падключыць да партатыўнай зарадкі, на нейкі час можна атрымаць Wi-Fi.

«Людзі кажуць, што ў такія часы хочацца парадаваць сябе чымсьці прыгожым»

Дачка жанчыны зараз не ходзіць у школу — вучням працягнулі канікулы да 1 лютага за кошт вясновых канікул. Акрамя таго, навучальны год у Кіеве скончыцца на тыдзень пазней.

Інга тым часам не працуе поўны дзень. У жанчыны ўласны вінтажны магазін, дзе з-за холаду немагчыма доўга знаходзіцца.

— Зараз у краме вельмі складаная сітуацыя, бо там ацяпленне на электрычнасці. Калі святла няма (а яго няма большую частку дня), там вельмі холадна. Таму зараз працуем па скарочаным графіку — прыкладна з 13 да 17, калі ёсць дзённае святло. Спадзяемся, што хутка вернемся да звычайнага графіку, але цяпер хаця б так намагаемся падтрымліваць працу крамы.

Але, ведаеце, гэта ж крама не тавараў першай неабходнасці — не прадукты і не аптэка, але людзі ўсё роўна штосьці купляюць. Шукаюць для сябе або для блізкіх у падарунак. І гэта вельмі матывуе працаваць далей. Людзі кажуць, што ў такія часы хочацца парадаваць сябе чымсьці прыгожым.

«Жыць, спадзявацца на вясну, сонца, перамогу»

— Вядома, адчуваецца, што ўсе вельмі стаміліся. Але ж гэта не азначае, што мы тут у паніцы і істэрыцы. Наадварот, людзі больш сканцэнтраваныя, шукаюць лайфхакі: што рабіць, як сагрэцца, як дапамагчы.

Няма адчування катастрофы, хаця сітуацыя амаль катастрафічная для такога вялікага горада, як Кіеў, у якім зараз настолькі цяжкія ўмовы жыцця. Нават не жыцця, а выжывання, за якім кожны, хто тут не жыве, можа сачыць анлайн.

Мы кожны дзень жывём у стрэсе. Дадайце сюды яшчэ пастаянныя атакі. Я цяпер з вамі размаўляю, а за вакном гучыць сірэна. І так штодня. Але гэта наш выбар — заставацца тут, штосьці рабіць. Жыць, спадзявацца на вясну, сонца, перамогу. Мы трымаемся.

У маім коле, у коле маёй сям’і няма ніводнага, хто б сказаў нешта кшталту таго, што няма магчымасці гэта ўсё цярпець і трэба капітуляваць, і хай ужо, маўляў, прыйдзе Расія. Нават не разумею, хто так можа сказаць, калі Расія робіць такое з людзьмі, якіх яна быццам «вызваляе». Вызваляе ад чаго — нармальнага жыцця, цяпла, вады, каналізацыі?

Гэтыя дзеянні з боку Расіі працуюць наадварот, і ніякай панікі сярод людзей няма. А Кіеў увогуле не той горад, які спыняецца. Працуюць кафэ, крамы, на паліцах ёсць тавары, медыкаменты ў аптэках. Гэта жывы горад у шырокім сэнсе гэтага слова.