Вольскі: «У часы, калі ў краіне «не да законаў», пад «здраду дзяржаве» могуць інтэрпрэтаваць вельмі шырокі спектр дзеянняў»

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра вяртанне з нябыту страшнага артыкула крымінальнага кодэксу часоў Савецкага Саюза — «здрада дзяржаве».

Лявон Вольскі

У часы, калі ў краіне «не да законаў», пад яго могуць інтэрпрэтаваць вельмі шырокі спектр дзеянняў.

Крымінальны артыкул аб «здрадзе дзяржаве» ў часы Савецкага Саюза

У Савецкім Саюзе існаваў страшны артыкул крымінальнага кодэксу — «здрада дзяржаве».

Вось прагучаць па радыё ці тэлевізары гэтыя жахлівыя словы, вымаўленыя жалезным дыктарскім голасам, і адразу ўяўляеш кадры з фільмаў: годныя савецкія контрвыведнікі арыштоўваюць заходняга шпіёна, які ўкараніўся ў нашую сыстэму і працаваў бухгальтарам (журналістам, дырэктарам аўтапарку), а сам перадаваў ворагам сакрэтную інфармацыю.

І вось у шуфлядах ягонага стала знаходзяць пісталет, асадку з умантаваным фотаапаратам і пачак даляраў...

Потым «здраду дзяржаве» доўгім часам не выкарыстоўвалі, нібыта забыліся на яе. І вось пасьля пратэстаў 2020-га гэты артыкул ізноў усплыў на паверхню.

Беларуская мара — жыць у краіне і не перакрыжоўвацца з дзяржавай

Ледзьве ня ўсё жыцьцё мне карцела аспрэчыць словы Леніна пра тое, што нельга жыць у грамадзтве і быць вольным ад грамадзтва. Хацелася жыць у сваёй краіне, якую я вельмі люблю, але, па магчымасьці, не перакрыжоўвацца зь дзяржавай — спачатку гэта была БССР, потым яна дэфармавалася ў РБ.

Мне былі вельмі непрыемныя любыя кантакты з прадстаўнікамі дзяржаўнае сыстэмы — чыноўнікамі, міліцыянтамі, кантралёрамі, памежнікамі-мытнікамі... Нават у паліклініку я йшоў хіба ў выпадку скрайняе неабходнасьці.

Гэты парадокс напаўняў жыцьцё абсурдам — ты прымушаеш сябе ісьці ў пашпартны стол, непрыемную дзяржаўную ўстанову, каб атрымаць пашпарт, бо ён неабходны для выездаў за мяжу. Гэтая неабходнасьць вымушае цябе мець дакумэнт з сымболікай, якую ты актыўна не прымаеш — постсавецкай «капустай», якую ты сарамліва хаваеш ад чужых вачэй — паварочваеш тыльным бокам у міжнародных аэрапортах.

І што, калі ты атрымаў гэты дакумэнт — сьведчаньне твайго грамадзянства — гэта аўтаматычна азначае, што ты падпісаў дамову зь нячысьцікам і мусіш быць ляяльным уладам РБ? Ці гэта папросту вымушаны захад, прадыктаваны жыцьцёвай неабходнасьцю?

Але вунь колькі ў іншых краінах грамадзянаў з адкрыта апазыцыйнымі поглядамі! Мільёны! А ў Беларусі — іншая схема?

Дакладна. Іншая. Тыя законы тут не працуюць.

«Здрада дзяржаве» ў інтэрпрэтацыі ўладаў

Калі пачытаць, што такое «здрада дзяржаве» ў інтэрпрэтацыі гэтых самых уладаў, дык гэта вельмі шырокі спэктар дзеяньняў — апроч, напрыклад, шпіянажу, там ёсьць «збор і перадача інфармацыі, якая магла б быць выкарыстана супраць беларускай дзяржавы».

А гэта ўсё, што заўгодна — інтэрвію «Белсату» ці публікацыя фоткі расейскае тэхнікі. Ці здымкі працы якогасьці гаішніка.

Ды вось проста я зараз напішу гэты тэкст, яго апублікуюць, і пракурор можа лёгка кваліфікаваць гэта ўсё, як «здраду дзяржаве». Сабраў у сваёй галаве інфармацыю і перадаў вам. Збор і перадача. Здрада!

«Няведаньне законаў не вызваляе ад адказнасьці» — штамп з часоў СССР. Ці яшчэ: «Закон для ўсіх адзін». І яшчэ пазьнейшы: «Часам не да законаў».

Дык вось. Калі крымінальны кодэкс раптам перапішуць, і ты са зьдзіўленьнем даведаесься, што тое, за што ўчора ты зусім ня мусіў адказваць, сёньня кваліфікуецца, як цяжкае злачынства — гэта «Няведаньне законаў не вызваляе ад адказнасьці».

Калі табе будуць маляваць восем гадоў за інтэрвію ці то здымак, будзе «Закон для ўсіх адзін».

А калі цябе праз пару гадоў адседкі выкінуць бяз пашпарту з аўтобусу ў Літве, нягледзячы на тваё РБшнае грамадзянства — гэта, як вы самі разумееце, «Часам не да законаў».

Дзіўны кактэйль. Варты дзяржавы, якая з такой пякучай рэўнасьцю ставіцца да здрадаў сабе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)