Общество

Наталля Север

Тэатральны крытык: «Зараз такія правілы гульні, што мы не ведаем гэтых правілаў»

Чаму ў папулярным тэатры адмянілі прэм’еру.

Напачатку верасня ў Беларускім дзяржаўным Тэатры лялек знялі прэм'еру спектакля Яўгена Карнягі «Сёстры Грым». Тады калектыў паведаміў у сацсетках, што адмена нібыта адбылася «па тэхнічных прычынах».

Але зараз стала дакладна вядома, што прэм'ера была забароненая і спектакля не будзе ўвогуле.

Афиша спектакля. Фото: puppet-minsk.by

Цэнзура ў беларускім мастацтве не навіна, але ў аснову гэтага спектаклю былі пакладзены казкі Братоў Грым, а не, напрыклад, п’еса Купалы «Тутэйшыя».

— Мы зараз не ведаем логіку беларускай цэнзуры і здагадацца пра яе ніяк не можам, — разважае над тым, што адбылося, тэатральны крытык (імя не называем па просьбе эксперта — С.) у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — З-за чаго менавіта забаранілі прэм’еру, напэўна, ведаюць самі супрацоўнікі тэатра, але, не выключаю, што і яны не ў курсе.

У любым выпадку, зараз пра сапраўдныя прычыны ніхто не скажа.

Так, першапачаткова ў рэпертуары гэтага тэатра быў спектакль «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі», які ішоў з 2015 года і нікому не замінаў.

Яго знялі, калі з тэатра сышла адна з актрыс. А зараз маглі аднавіць. Мяркуючы па ўсім, гэта другая версія старога спектакля. То-бок аснова можа быць тая ж.

І цяпер у ім ужо нешта не спадабалася. Але зараз такія правілы гульні, што мы не ведаем гэтых правілаў.

Сумна, бо ўсё ж такі Тэатр лялек зараз найбольш запатрабаваны, найбольш паспяховы. І таму было спадзяванне, што гэты тэатр зможа неяк існаваць і ў цяперашніх умовах.

— Як зараз кажуць, «зможа прайсці праз кропелькі».

— Можна сказаць і так. А гэтая адмена паказвае, што ніякіх выключэнняў не існуе і нават Тэатр лялек, нават рэжысёр Яўген Карняг могуць трапіць пад забарону.

Пакуль невядома, што будзе далей: ці гэта выключэнне з правілаў і ад іх адчэпяцца, ці будуць працягваць чапляцца.

— У выніку перад усімі творцамі, рэжысёрамі, мастацкімі кіраўнікамі паўстае вялікае пытанне рэпертуару. Можна, канешне, ставіць толькі п'есы пра партызанаў, бо нават казкі ўжо могуць трапіць пад забарону.

— Мяркую, што ёсць яшчэ альтэрнатыва. Ёсць класіка, умоўны Шэкспір. Ёсць руская класіка, што яшчэ лепш, таму што гэта яшчэ і класіка з суседняй добранадзейнай краіны.

Можна ставіць якога-небудзь Астроўскага і не будзе праблем. Так, пасля такога яшчэ большы акцэнт будуць ставіць на «правераныя» творы.

І за апошнія пяць гадоў я не чуў ніводнага прыкладу, каб здымалі твор па рускай класіцы.

У якім становішчы апынуліся тэатры? Яны выжываюць, як могуць. Беларусы таксама маюць права глядзець добрыя спектаклі, і таму задача добрых мастацкіх кіраўнікоў, якія ўсё роўна ў Беларусі захаваліся, захаваць і тэатры, прайсці праз гэтыя кропелькі.

То-бок выжываць і захоўваць тэатр. Калі для гэтага трэба шукаць нешта актуальнае з класікі, каб людзям адгукалася, значыць, будуць шукаць.

— Але ў такіх умовах менавіта да беларускіх твораў будуць ставіцца яшчэ больш насцярожана?

— У нейкай ступені так. Аднак і тут таксама можна знайсці выйсце і ставіць тую ж класіку, творы пачатку ХХ стагоддзя, а не нешта сучаснае, эксперыментальнае.

Напрыклад, «Сымона-музыку» Якуба Коласа, чаму б не? Класік, ёсць у школьнай праграме. Нешта і з Купалы можна, не «Тутэйшых» натуральна.

Вось, напрыклад, зараз Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ставіць «Ладдзю роспачы» Караткевіча.

Дарэчы, Уладзімір Караткевіч, калі пачытаць дзяржаўную прэсу, стабільна называецца ў ліку самых папулярных беларускіх пісьменнікаў.

Канешне, не трэба браць «Каласы пад сярпом тваім», але ў яго шмат добрых твораў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(3)