Общество

Сталі вядомыя імёны чатырох палітзняволеных жанчын, вызваленых па папярэднім памілаванні

На свабодзе Людміла Ліхачэўская, Наталля Антонава, Таццяна Макеева і Карына Маліноўская.

Belarus Women’s Foundation даведаўся імёны чатырох жанчын, якія выйшлі па папярэднім памілаванні, піша Наша Ніва. Яно адбылося напярэдадні 9 мая 2025 года.

Людміла Ліхачэўская

48-гадовая Людміла Ліхачэўская — шматдзетная маці. Яе арыштавалі 29 сакавіка 2024 года і асудзілі за «заклікі да санкцый» і «распальванне варожасці» да 2 гадоў калоніі. Людміла вызвалілася прыкладна на паўгода раней за прызначаны тэрмін.

Адметна, што разам з Ліхачэўскай асудзілі яе мужа Аляксея Зачапілу. Яму прызначылі паўтара года зняволення. Аляксей выйшаў незадоўга да жонкі, цалкам адбыўшы тэрмін.

65-гадовую Наталлю Антонаву з Гродна спачатку адпраўлялі на хатнюю хімію за ўдзел у пратэстах. Аднак жыцця не далі, у студзені 2024 года затрымалі падчас рэйду сілавікоў па тых, хто аказваў дапамогу палітвязням. У выніку Наталлю судзілі за «паклёп на Лукашэнку» і «распальванне варожасці».

Тэрмін невядомы, але Антонаву адправілі ў гомельскую калонію. Там яна прабыла каля чатырох месяцаў.

67-гадовая Таццяна Макеева правяла за кратамі роўна год. Ёй выставілі цэлы пакет абвінавачванняў: удзел у пратэстах, «абраза прадстаўніка ўлады», «абраза суддзі», «абраза Лукашэнкі». Таццяне прысудзілі тры гады калоніі.

Карына Маліноўская

Нарэшце, 32-гадовую Карыну Маліноўскую асудзілі за ўдзел у пратэстах, а таксама «распальванне варожасці» і «заклікі да санкцый».

Карына працавала цырульніцай, цікавілася псіхалогіяй, рабіла ўласны бізнэс па продажы святлодыёднага асвятлення. Дома яе чакалі двое дзяцей.

Невядома, які прысуд атрымала Маліноўская. Па падліках праваабаронцаў, дзяўчына правяла за кратамі ад паўгода да года.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(1)