Прэмію імя Ежы Гедройця атрымаў пісьменнік, які палюбіў Занзібар

Імёны лаўрэатаў 14-га сезона ўзнагароджанння былі абвешчаныя ў Гданьску. 

15 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску абвясцілі лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця – галоўнай незалежнай узнагароды ў галіне беларускай прозы, паведамляе Беларускі ПЭН.

I месца – Сяргей Дубавец, аўтар кнігі «Занзібар: сталеньне маладой душы».

Рашэннем журы аўтар узнагароджаны за філасофскую рэфлексію над пошукамі нацыянальнай ідэнтычнасці свайго пакалення. Пераможца атрымаў галоўную ўзнагароду пры падтрымцы Фонду міжнароднай салідарнасці.

Сяргей Дубавец, фота Наша Ніва

II месца – Югася Каляда, аўтарка кнігі «Перамена месцаў».

Аўтарка ўзнагароджана за фантасмагарычнае адлюстраванне зрухаў у беларускім грамадстве творчай стыпендыяй і месяцам працы на шведскім востраве Готланд. Прыз забяспечыў суарганізатар прэміі – Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

III месца – Зміцер Дзядзенка, аўтар кнігі «Гульні Цырцэі».

Журы адзначыла кнігу за асэнсаванне гістарычнай повязі часоў у вострасюжэтнай форме. Прыз – выданне наступнай кнігі пры падтрымцы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца штогод з 2012 года і адзначае тры найлепшыя кнігі, напісаныя па-беларуску ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы.

Арганізатарамі прэміі, якая фінансуецца МЗС Польшчы, выступаюць Беларускі ПЭН, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Польскі ПЭН-клуб і Беларускае культурнае таварыства «Хатка».

У розныя гадылаўрэатамі прэміі былі Святлана Курс (Ева Вежнавец), Павел Касцюкевіч, Уладзімір Някляеў,Віктар Казько, Уладзімір Арлоў ды іншыя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)