Гэта — тое, супраць чаго Лукашэнка выступаў сьвядома і няўхільна. Мы імкнуліся максымальна скарыстаць аслабленьне Масквы (зусім нядоўгае, як паказаў час), змагаліся, вобразна кажучы, за кожны мілімэтар тэрыторыі свабоды і Незалежнасьці — Лукашэнка ж, наадварот, дамагаўся яе звужэньня аж да поўнага дзяржаўнага аб’яднаньня з Расеяй.
Навумчык: Што Крэмль не можа зрабіць з Украінай за чатыры гады вайны, Лукашэнка зрабіў з Беларуссю на дзясятым месяцы прэзідэнцтва
Публіцыст — пра тое, чаму правіцеля нельга называць «гарантам суверэнітэту».
— Гучыць меркаваньне, што, як бы там ні было, а Лукашэнка — «гарант сувэрэнітэту», — піша Сяргей Навумчык. — Такое сьцьвярджэньне даўно зрабілася пастулатам афіцыёзу, які выяўляе цуды прапагандысцкай эквілібрыстыкі, спалучаючы несумяшчальнае — сувэрэнітэт і «саюзную дзяржаву», якая якраз і абмяжоўвае (калі не сказаць — зьнішчае) гэты самы сувэрэнітэт.
Але кажуць гэта і некаторыя апанэнты Лукашэнкі. Пагадзіцца з гэтым не магу. Знаходжаньне з Лукашэнкам у Авальнай залі цягам чатырох гадоў як з дэпутатам і два — як з прэзыдэнтам, пры дыямэтральнай розьніцы пазыцый, далі магчымасьць зразумець сапраўднае ягонае стаўленьне да Незалежнасьці і як ідэі, і як формы дзяржаўнага ўладкаваньня.
І між іншым, хопіць ужо прыпісваць Лукашэнку датычнасьць да апазыцыі ў часы ягонага дэпутацтва. Ён ніколі ў ёй ня быў.
Мог «засьвяціцца» на нейкім мітынгу ў Магілёве побач з Пазьняком, рэзка выказацца ад мікрафону ў прамой трансьляцыі супраць 1-га сакратара ЦК КПБ — але пры гэтым ён ніколі не падтрымліваў праграмныя палажэньні БНФ, а ўся ягоная нязгода з кіраўніцтвам кампартыі, пра вялікім рахунку, палягала ў сфэры асабістай кар’еры, і ніяк не ў сфэры ідэйнай (Лукашэнка ўтварыў парлямэнцкую фракцыю «Камуністы ха дэмакратыю» — я называў яе «Ваўкі за вэгетарыянства»).
Было дзьве асноўныя прычыны, чаму Лукашэнка не жадаў далучацца да апазыцыі. Першая — адсутнасьць магчымасьці для таго, што сёньня завецца піярам.
Прыгадваю, як мы распрацоўвалі пакет законапраектаў па аграрнай рэформе, і дырэктару саўгасу «Гарадзец», дэпутату Лукашэнку было прапанавана далучыцца. Ён аднойчы мільгануў у 363-м пакоі апазыцыі і — змыўся.
Стварэньне законапраектаў вымагае вельмі скрупулёзнай працы («будзённай, шэрай» — ужыву выраз вялікай паэткі), кожны ня тое што параграф — кожны сказ, кожнае слова трэба было асэнсаваць, праверыць, «пракруціць» пад розныя сытуацыі.
І адбывалася гэта не пад тэлекамэрамі, і не прыносіла папулярнасьці. І часьцей за ўсё, як у выпадку з дэпутатамі БНФ — не давала і парлямэнцкай перамогі, бо ўсё вырашала галасаваньне, а нас была — меншасьць.
Існавала і другая прычына, больш важная. Уся дзейнасьць дэпутатаў БНФ (і ў Вярхоўным Савеце, і па-за парлямэнтам) была падпарадкаваная галоўнай мэце — спачатку здабыцьцю, а пасьля 25 жніўня 1991 г. — умацаваньню Незалежнасьці. І ў эканоміцы, і ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва, і ў адукацыйнай, культурнай сфэрах.
Лёзунг ліквідацыі Беларусі як незалежнай сувэрэннай дзяржавы, нагадаю, Лукашэнка абвясьціў ужо летам 1993 года ў якасьці галоўнай стратэгічнай мэты.
Але яшчэ раней, вясной таго году, дэпутат Лукашэнка выступіў за ўнясеньне ў парадак дня сэсіі ВС пытаньня аб уваходжаньні Беларусі ў склад АДКБ — што супярэчыла курсу на нейтралітэт і ўцягвала Беларусь у арбіту вайсковага ўплыву маскоўскага Генштабу.

Перакананы, што менавіта той крок Лукашэнкі вызначыў выбар пэўных структураў у Маскве на ягоную карысьць. Прасунуць жа яго на пасаду прэзыдэнта з улікам нізкага ўзроўню нацыянальнай сьвядомасьці значнай часткі насельніцтва было ўжо справай тэхнічнай. Давер маскоўскіх таварышаў Лукашэнка пачаў адпрацоўваць адразу.
Якія ўмовы, акрамя тэрытарыяльных, вылучае Пуцін да Украіны для спыненьня вайны? Тыя ж, што і ў пачатку агрэсіі: дзяржаўнасьць расейскай мовы і адмова Кіеву ад інтэграцыі ў заходнія структуры.
Тое, чаго Крэмль ня можа дамагчыся ад Украіны на чацьвёртым годзе вайны, Лукашэнка зрабіў зь Беларусьсю на дзясятым месяцы свайго прэзыдэнцтва, праз антыканстытуцыйны рэфэрэндум у траўні 95-га, дзе, сярод іншых, было пытаньне пра дзяржаўнасьць расейскай мовы і інтэграцыю з РФ.
Далей ужо была рэалізацыя гэтага курсу з падпісаньнем розных «саюзных» дамоваў у інтарэсах Масквы, і ніколі — беларускага народу. Замена школьных падручнікаў, нагадаю, адбылася ўжо ўвосень 1995-га, цяперашняя — чарговая.
Пра гэта трэба памятаць, як варта ўсьведамляць і тое, што «лібэралізацыя» (ці, як кажуць, «мяккая беларусізацыя») 2015-2019 была вымушанай саступкай, а зусім ня часткай дзяржаўнай палітыкі.
Тое было пашырэньнем межаў гета для тых, хто выспявядае нацыянальныя каштоўнасьці, а ніяк не рэалізацыяй хоць бы нейкай праграмы падтрымкі беларускай мовы ды нацыянальнай культуры.
Проста рупліўцам беларушчына сталі менш біць па руках. Канешне, гета — лепш, чым Аўшвіц, але наўрад ці тых, хто стаіць са зброяй па пэрымэтры гета, можна назваць сябрамі ці спрыяльнікамі яго насельнікаў (а фактычна — вязьняў).
За больш чым тры дзесяцігодзьдзі кіраваньня краінай, якая ў пачатку 90-х мела ці ня лепшыя сярод былых саюзных рэспублік стартавыя ўмовы, Лукашэнка зьнішчыў практычна ўсё, ператварыўшы прамысловы комплекс у прыдатак расейскага ВПК, а яе тэрыторыю — у вайсковы палігон для Расейскай імпэрыі.
Эканоміку, сацыяльную сфэру можна будзе аднавіць адносна хутка. Але дэфармаваная мэнтальнасьць не выпраўляецца за пару-тройку гадоў.
У сфэры нацыянальнага Адраджэньня вярнуцца хаця б да таго, што было ў 1994-м ад сёньняшняй кропкі, параўнальнай з часамі Мураўёва-вешальніка, — спатрэбіцца не адно пакаленьне.
Чалавек, які дзесяцігодзьдзямі аддаваў па кавалках сувэрэнітэт узамен на ўтрыманьне асабістай улады — не павінен лічыцца яго гарантам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное