Политика

Кацярына Батлейка

Мілінкевіч: «Не можа быць думак, а ці правільная цана, а ці трэба ціснуць руку Лукашэнку?»

Адзіны кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднанай апазіцыі ў 2006 годзе, а таксама дарадца Святланы Ціханоўскай і заснавальнік ВБЎ у інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра апошнія беларускія падзеі, Міколу Статкевіча і нашу будучыню.

Аляксандр Мілінкевіч

 Нядаўна, дзякуючы перамовам амерыканскага боку, на свабоду выйшлі 52 палітвязня. Усе яны, акрамя Міколы Статкевіча, які адмовіўся пакідаць Беларусь, былі прымусова вывезеныя ў Літву. З якімі пачуццямі вы сачылі за гэтым?

— За 30 гадоў майго дысідэнцтва, для мяне заўсёды галоўным былі лёсы беларусаў, якія пераследуюцца. Сёння вельмі шмат людзей  за кратамі — і гэта не турма, а канцлагер са страшнымі пакутамі, са здзекамі. 

Тое, што мы зараз чуем, і што я чую пры асабістых размовах, — у мяне валасы дыбкі ўстаюць, і гэта пры ўсіх маіх ведах. Гестапа не заўсёды так сябе паводзіла, як сёння паводзяць уладныя бандыты.

Таму першае пачуццё — вялікае шчасце. Кожная асоба, якая выходзіць — гэта свята. Не можа быць думак, ці правільна зрабілі, а ці правільная цана, а ці трэба ціснуць руку Лукашэнку? 

Ведаеце, калі вызваляюць сяброў, братоў, то ўсё маральна. Тым больш, што людзі гінуць за кратамі. Я меў добрыя блізкія адносіны з Алесем Пушкіным, з Вітальдам Ашуркам... Тое, што яны і іншыя палітвязні загінулі ў турме — гэта нацыянальная трагедыя. 

Я б адзначыў, што ў мяне скептычнае стаўленне да Трампа. Але я ацэньваю з беларускай перспектывы. Зараз, калі амерыканскі лідар ініцыяваў перамовы і вызваленне людзей, мне ўсё роўна, што ён называе Лукашэнку вялікім прэзідэнтам. Пытанне тут, ці будуць вызваленыя ўсе.

Мілінкевіч прыгадвае, што Лукашэнка падчас свайго кіравання толькі двойчы вызваляў усіх палітвязняў — у 2008 і 2015 гадах:

— Першы раз падчас вайны ў Грузіі. Саакашвілі пераканаў Лукашэнку, што трэба сябраваць з заходнім светам — і тады ёсць шанец, што ён захавае пасаду. А для Лукашэнкі гэта самае важнае. 

Тое самае было ў 2015 годзе пасля анэксіі Крыма. Ён зноў спалохаўся, што Пуцін захоча яго змяніць.

І зараз, я думаю, ёсць пэўная інтэнцыя: Лукашэнка адчувае, што Пуцін можа прайграць вайну, нават эканамічна. І  ён выпускае людзей, каб мець маральную падтрымку з боку ЗША. Гэта добры знак для нас — спадзяюся, вызваляць усіх.

— Мікола Статкевіч, якога вы добра ведаеце, адмовіўся з'язджаць з Беларусі. Больш за два тыдні невядома, дзе яго ўтрымліваюць. Як вы ставіцеся да яго ўчынку? 

— Кожны чалавек, калі мы змагаемся за свабоду і дэмакратыю, мае права на выбар. Я ведаю Міколу вельмі даўно, глыбока паважаю яго. Можа, не заўсёды з ім згодны, але з кім жа мы заўсёды згодныя? 

Ён чалавек высока маральны, чалавек ідэі, чыну, перш за ўсё гонару і годнасці. Ён хоча зрабіць рэчы, якія натхняюць іншых і пераконваюць самога сябе ў тым, што ён лідар. А ён, несумненна, лідар. І калі чалавек ставіць гэта галоўнай мэтай, то ён зрабіў абсалютна слушна. Не ўсе так могуць, калі даецца шанец на свабоду, хоць і абмежаваную, у вымушанай эміграцыі.

Нікога не трэба асуджаць — ні Міколу, ні тых, хто так не зрабіў. Добра, што такія, як Мікола Статкевіч, ёсць. Гэта прыклад абсалютна маральнай палітыкі. 

Я вельмі турбуюся, каб яму канчаткова не папсавалі здароўе. Але ганаруся ім. Такія людзі натхняюць — і новых людзей, і тых, хто ўжо змагаецца за дэмакратыю.

— Вызваленыя і дэпартаваныя палітзняволеныя з ліку пенсіянераў паднялі праблему нявыплаты пенсій. Людзі застаюцца без выплат, на якія маюць права. І гэта ўжо не першы падобны выпадак — Станіслаў Шушкевіч таксама ў свой час атрымліваў пенсію не больш за 3$ з-за ўказу Лукашэнкі.

Чаму ўлады працягваюць так помсціць сваім апанентам? 

— Я гаварыў пра гэта са Станіславам Станіслававічам. Калі б ён напісаў пакаянны ліст і папрасіў даць яму трошкі падвышаную пенсію, чаго ад яго патрабавалі, то можа і атрымаў бы ў 10 разоў больш — не 3, а 30 даляраў. Але гэта так амаральна, калі першы кіраўнік незалежнай Беларусі не можа атрымаць годную пенсію. Гэта спецыяльнае прыніжэнне чалавека. Так было з Шушкевічам і з многімі іншымі. 

Я сам не атрымліваю пенсію, бо патрабуюць, каб паехаў у Беларусь і аднавіў банкаўскі рахунак.

Калі ўлады зараз вызваляюць людзей, то іх мэта — не вызваленне. Мэта —прынізіць, зламаць дух. Тое, што Лукашэнка называе загнаць пад плінтус. Але не вельмі атрымліваецца: людзі могуць маўчаць, не пратэставаць, бо ім рэальна страшна, але дух не ламаецца. 

У мяне шмат кантактаў у Беларусі. Людзі не расчараваліся, гатовыя змагацца за сваю годнасць. Калі была нямецкая акупацыя, людзі таксама не выходзілі на пратэст. І мы самі кажам: беражыце сябе для добрых справаў.

— Калі пенсіянеры застаюцца без пенсій, то моладзь у сваю чаргу страчвае магчымасці для адукацыі, і гэта таксама праблема. Асабліва цяжка ў гэтым годзе было паступаць у Польшчы з-за зменаў правіл.

— Вельмі многа праблем і ў Польшчы, і ў Літве, бо ў гэтых краінах больш за ўсё беларусаў. Часткова гэтыя праблемы праз бюракратыю, часткова —праз унутраную палітычную барацьбу, калі розныя палітычныя групы прымаюць законы, каб змагацца з міграцыяй. 

А страх міграцыі ёсць і ў Літве (у большай ступені), і ў Польшчы (у меншай). Зразумела, што кожная дзяржава мае права сябе бараніць. Лічу, што велізарная адказнасць у гэтых выпадках на незалежнай прэсе і палітыках. 

Пры ўсёй вялікай павазе да палякаў, якія так шмат робяць для беларусаў, я лічу, што велізарнай палітычнай памылкай было змяніць правілы для паступлення ў гэтым годзе, калі людзі ўжо прайшлі адбор. Правілы можна было змяніць у наступным годзе, але не ў гэтым.

— Частка моладзі зараз навучаецца ў Расіі. Таксама шмат беларусаў ездзяць туды ў падарожжа, бо ёсць складанасці з атрыманнем віз у еўрапейскія краіны. Вы чалавек, які выступае за вяртанне Беларусі ў Еўропу. Як вы лічыце, як паўплываюць на беларусаў такія сувязі з Расіяй?

— Большасць людзей, якія зараз едуць у Расію, насамрэч хацелі б паехаць у Еўропу, бо ведаюць, што там лепш. Маю надзею, што не ўсе паддадуцца ўплыву расійскай прапаганды. Мы ведаем, што беларусы масава ездзілі за мяжу, а да вайны мы больш за ўсіх у свеце атрымлівалі шэнгенскія візы. Таму я спадзяюся, што ў большасці ёсць закладзены еўрапейскі код.

Шчыра кажучы, гэта амаль трагічная сітуацыя. Бо быў час перад агрэсіяй ва Украіне, калі беларусы часцей ехалі вучыцца ў Еўропу, чым у Расію, нягледзячы на тое, што там былі ўсім забяспечаны стыпендыі і не трэба было вучыць новую мову. Тое, што зараз адбываецца — гэта барацьба за розумы, за свядомасць, паўзучая анэксія. 

Вядома, расійская ўлада — антыбеларуская. Але будзем спадзявацца, што людзі чытаюць інтэрнэт і крытычна мысляць. 

— Ведаю, што на беларускую будучыню вы глядзіце з аптымызмам. Можаце патлумачыць, чаму? Бо зараз нам вельмі не хапае пазітыўнай думкі.

— У мяне ёсць шчырае пачуццё, што ў нас велізарныя шансы. Некаторыя думаюць: калі я ўжо столькі гадоў супрацьстаю дыктатуры, мог бы стаміцца і сказаць, што тады не атрымалася і потым не атрымаецца, сам хадзіў на выбары — не выйграў, і гэтак далей. Ведаеце, наадварот. 

У нас ёсць досвед, у нас быў фантастычны 2020 год, калі кожны ўнёс сваю кропельку ў беларускі дух і жаданне адстаяць сваё «я», праўду, свабоду. Пасля 2020 года я абсалютны аптыміст, бо нарадзіўся зусім іншы народ. Людзі перамаглі страх — гэта самае галоўнае. Зараз я бачу адукаваную, актыўную і адказную моладзь. Гэта мне дадала духу. 

Чаму я па-ранейшаму веру? Тое, што зараз адбываецца ў свеце, я называю гібрыднай і нават трэцяй сусветнай вайной. Нават дроны без выбухоўкі наганяюць страх. Крэмль хоча дамагчыся, каб Еўропа стамілася. Але гэтага нельга дапускаць. 

З Расіяй здарылася трагедыя, бо Пуцін — гэта Гітлер XXI стагоддзя. Адпаведна нам трэба ведаць, што пакуль у Расіі не знішчыцца фашысцкі рэжым, беларускай перамогі не будзе. 

Ёсць вялікі шанец, што ў гэтай вайне пераможа Украіна. І калі Еўропа рэальна аб'яднаецца, яна дапаможа Украіне, а мы будзем побач з ёй. Мы таксама павінны прайсці шлях змагання з імперыяй зла. Нельга не сказаць пра Трампа — ён зрабіў вельмі слушную рэч, бо падштурхнуў Еўропу станавіцца больш сучаснай і рэальна бараніць каштоўнасці, на якіх яна  аб’ядналася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)