Политика

Латушка: «Зараз патэнцыйна будзе адчыняцца маленькае акно магчымасьцяў»

Падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павел Латушка расказаў у інтэрвію Свабодзе пра новы шанец для Беларусі, цяперашняе становішча Лукашэнкі і пляны на шампанскае, падоранае ў 2020-м.

Павал Латушка на «Маршы Свабоды» ў Варшаве 9 жніўня 2025 году.Фото: AFP

— Што, на вашу думку, павінна зрабіць грамадзянская супольнасьць і палітыкі, каб наблізіць тыя перамены, якія пяць гадоў таму не ўдаліся?

— Камусьці можа здавацца, што мы такія неадукаваныя, недасьведчаныя, што мала кніжак чыталі пра палітычныя зьмены ў краіне. Гэта няпраўда. Мы адукаваныя, мы таленавітыя, мы маем волю, але праблема ў тым, што ў нас няшмат інструмэнтаў — і гэта рэальнасьць. Рэальнасьць, якая не адрозьніваецца ні ў нашай сытуацыі, ні ў іншых сытуацыях народаў, якія вядуць барацьбу за дэмакратыю.

Інструмэнты — гэта тое, што мы рэалізуем. Гэта максымальны ціск, гэта санкцыі, гэта пытаньне ізаляцыі Лукашэнкі.

Калі мы ўявім патэнцыйны круглы стол... Вось на круглым стале стаіць 14 скрынак санкцыяў супраць Беларусі. Адна вялікая скрынка з 18 маленькімі санкцыямі супраць Расеі, бо там ёсьць і беларускія. Скрынка «Ізаляцыя Лукашэнкі». Скрынка «700 чыноўнікаў, якія ўжо пад санкцыямі». А, можа, нават асобная, дзе Лукашэнка, і кожны з сыноў: Дзьмітры, Віктар і Мікалай. Вось гэта наш аргумэнт.

Нас часта крытыкавалі: «Чаму вы займаецеся санкцыямі? Нашто гэта трэба»? Сёньня, я думаю, усе ўсьвядомілі, што гэта сапраўды інструмэнт ціску.

Зараз патэнцыйна будзе адчыняцца маленькае акно магчымасьцяў. Пабачым, што адбудзецца на Алясцы. Пуцін — Трамп, Зяленскі — Пуцін — Трамп. І мы павінны скарыстацца з гэтага маленькага акна магчымасьцяў. Ці ёсьць у нас шанец? Ёсьць. Ці ён стоадсоткавы — не. Але мы павінны працаваць.

— Якім чынам Беларусь можа ўзьнікнуць на гэтым саміце? Што магла б атрымаць дэмакратычная супольнасьць?

— Слухайце, паглядзіце сяброў Лукашэнкі: Хусэйн, Кадафі, Асад. Дзе яны знаходзяцца? Двух ужо няма, адзін на рублёўцы пад Масквой. 50 мільёнаў даляраў за Мадуру. Атака Злучаных Штатаў па Ірану. Пазьней — ціск на Пуціна. Гэта ўсё моцныя сыгналы Лукашэнку.

Лукашэнка знаходзіцца ў вельмі цяжкой сытуацыі. Ён хваліцца сваім сяброўствам з Пуціным, але нават Пуцін шукае, як выйсьці з гэтага ціску.

Вось калі мы ў гэты канкрэтны момант апэратыўнай, геапалітычнай сытуацыі, якая разьвіваецца, не дадзім сыгнал нашым партнэрам, што трэба моцна ўключыцца і націснуць, — ну, значыцца мы гэты шанец згубім. Яшчэ раз, няма гарантыі таго, што ён прывядзе да таго, што мы чакаем, але гэта шанец.

— На вашу думку, дзе празь пяць гадоў будзе Беларусь і беларусы?

— Ну, я веру. Я сваё шампанскае трымаю. Мне падарыў яго дэпутат Нацыянальнай асамблеі Францыі ў 2020 годзе. Яно ляжыць, я яго ня буду адкрываць. Я спадзяюся, што гэта адбудзецца хутка. Кожны дзень змагаемся, кожны дзень верым і не спыняемся, 24/7.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)