Кавалкін: «Будзе моцны шок па цэнах, пастаўках, лагістыцы»

Што здарыцца, калі Польшча не адкрые мяжу пасля вучэнняў?

Уладзімір Кавалкін

Эканаміст Уладзімір Кавалкін распавёў, як на беларускай эканоміцы адаб’ецца закрыццё польска-беларускай мяжы. У выпадку, калі яе адчыняць адразу пасля сканчэння расійска-беларускіх вучэнняў і ў выпадку, калі закрыццё будзе значна даўжэйшым.

— Калі хутка адчыняць, то гэта будуць невялікія лагістычныя страты, адсоткі працэнтаў гадавой выручкі. Беларусы нават не адчуюць. Лагістычныя перабоі наладзяцца потым цягам двух тыдняў, — кажа Кавалкін у эфіры Еўрарадыё.

Калі ж гэта будзе бестэрміновае закрыццё на нявызначаны час, то наступствы будуць больш значныя, адзначае эканаміст:

— Імпарт падаражэе 20-30-%. Не знікне, проста будзе дарагім, бо будзе дарагая лагістыка. Будуць везці праз Літву і Латвію, стаяць у чэргах, калі яны таксама не закрыюць межы. Нават калі закрыюць, будуць вазіць праз Расію. А лагістычнае пытанне гэта заўсёды пытанне грошаў. Гэта інфляцыя, падаражэнне імпарту, магчымае знікненне нейкіх тавараў, якія не надта карысталіся попытам, але былі, бо лагістыка каштавала недорага.

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю. Фота: Karolina Gałecka

Таксама скончыцца ўвесь прыватны гандаль на мяжы — то бок усе, хто жыў у Брэсце і зарабляў туды-сюды ганяючы папяросы і гарэлку, не змогуць гэтага рабіць. Застанецца толькі нейкі крымінальны гандаль, напрыклад, калі дастаўляюць папяросы праз дроны. А можа і па рэчцы будуць адпраўляць. Але гэта будзе цяжка.

Таксама вельмі моцна загнецца беларуская лагістыка. Людзі, якія працуюць у гэтай сферы, будуць мець праблемы з заробкамі, а частка з іх згубіць працу.

Таксама будуць страты, звязаныя з беларускім экспартам у ЕС, бо 70-80% нашага эксперта ідзе па сухапутнай мяжы, бо ў нас не мора. Таму калі нешта вазіць, то толькі праз расійскія парты. Самы бліжэйшы — у Піцеры. Але расійскія парты зараз і так вельмі нагружаныя.

Таму, калі мяжа будзе зачынена на доўгі тэрмін, гэта будзе моцны шок — на бліжэйшы год дакладна. Шок па цэнах, пастаўках, лагістыцы. Гэта адаб'ецца і на прамысловасці — але не скажу канкрэтна, бо гэта ведаюць на месцах — тыя, хто штосьці закупае ў Еўразвязе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(8)