Филин

Юлія Кот

Карбалевіч: «Ёсць падставы лічыць, што літоўская мяжа можа адчыніцца раней»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч абмеркаваў з Филинам, як будзе развівацца памежны канфлікт Беларусі з краінамі-суседкамі і які чыннік можа прыпыніць эскалацыю.

У ноч, калі Польшча адчыніла два КПП на мяжы з Беларуссю, на польскай чыгунцы (у кiрунку, які вядзе ў бок Украіны), адбылася дыверсія: выбухам было пашкоджанае чыгуначнае палатно.

Гэта супадзенне альбо нечая спроба запаволіць умоўную нармалізацыю стасункаў Мінска і Варшавы? А што з памежнымі пунктамі на межах Беларусі і Літвы — іх адкрыццё ў бягучых варунках набліжаецца альбо, наадварот, адсоўваецца?

Гэтыя пытанні і перспектывы развіцця канфлікту на межах Беларусі і ЕС Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Радыё Свабода Валерам Карбалевічам.

Валер Карбалевіч

— На ваш погляд, дыверсія на польскай чыгунцы ў тую самую ноч, што адкрыццё КПП — супадзенне? Ці адсюль тырчаць вушы Крамля, каб не дапусціць замірэння Беларусі і Польшчы?

— Пакуль увогуле незразумела, хто ўчыніў гэтую дыверсію, — зазначае суразмоўца. — Афіцыйныя асобы Польшчы не вылучаюць абвінавачанняў на адрас Расіі, прынамсі на бягучы момант.

Так, Расія запускае і дроны ў бок Еўразвязу, і іншыя непрыемныя рэчы робіць. Летам, згадаем, была арыштаваная група людзей, якія, паводле польскіх спецслужбаў, рыхтавалі нейкія дыверсіі па заданні расейскіх уладаў. То гіпатэтычна можна разважаць, што і за цяперашняй дыверсіяй стаіць Расія — аднак пакуль гэтая гіпотэза не мае пацвярджэння.

Валер Карбалевіч лічыць малаверагодным, што выбухоўку на рэйках «прымеркавалі» менавіта да адкрыцця памежных пераходаў. На яго думку, наўрад ці Расія ставіць задачы ўсяляк перашкодзіць паляпшэнню спраў на мяжы, дзеля гэтага ў яе ёсць іншыя магчымасці:

— Увогуле, я не лічу, што Расія так ужо моцна кантралюе любыя крокі Беларусі адносна суседзяў. РФ кантралюе вонкавую палітыку, ваенную палітыку Мінска, але каб займацца кожным крокам, кожнай драбязой у адносінах Беларусі з Польшчай і Літвой — наўрад ці.

У гэтым плане ў Лукашэнкі пэўная аўтаномія ёсць. Скажам, павялічыць ці паменшыць колькасць мігрантаў, якія пераходзяць мяжу (на польскай мяжы 14 лістапада іх увогуле не было, літоўцы за апошнія суткі таксама не фіксавалі ніякіх атак на мяжу), рэгуляваць тыя ж самыя балоны з кантрабандай.

— У сувязі з гэтым зацішкам і на тле адноснай нармалізацыі стасункаў з Польшчай — у літоўскім накірунку таксама паскорацца перамовы наконт адкрыцця мяжы? Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс асцярожна дапусціў, што гэта можа адбыцца раней за 30 лістапада…

— Так, гэта рэальна. Таму што, па-першае, палякі адчыняюць два памежныя пераходы — і гэта азначае, што транзіт грузаў можа перакінуцца на Польшчу. Па-другое, апошнімі днямі не было балонаў, якія паставілі б пад пагрозу працу Віленскага аэрапорта.

І трэці момант — сапраўды, як мы ўжо казалі, колькасць мігранцкіх атак на Літву значна зменшылася. Беларускі бок, імаверна, усё ж робіць крокі, каб спыніць напружанасць. І ўсе гэтыя чыннікі даюць падставы лічыць: літоўская мяжа сапраўды можа адчыніцца раней.

— Мы ўбачылі, што закрыццё мяжы — рэальны механізм. Абодва бакі, напэўна ж, зрабілі з гэтага высновы. То ці будуць далей працягвацца падпарогавыя дзеянні, можа, выпрабоўванні межаў дазволенага, і ці могуць ім даць рады еўрапейскія краіны?

— Канфліктная сітуацыя на мяжы ва ўсякім разе будзе захоўвацца — пытанне пра яе маштабы. Тут цяжка прагназаваць, што можа быць, бо ўжо былі выпадкі, калі мігранцкія атакі скарачаліся, потым аднаўляліся, магчыма, мае месца пэўная сезоннасць.

Але ж уступае ў дзеянне яшчэ адзін чыннік: перамоўны працэс са Злучанымі Штатамі. Хутка <ў Мінску> чакаецца амерыканская дэлегацыя. І на гэтай сустрэчы, хутчэй за ўсё, таксама будзе абмяркоўвацца не толькі вызваленне палітвязняў, але і сітуацыя на мяжы. Пра гэта ў кіраўніцтва ЗША прасіла Літва.

Перамоўны працэс Мінска і Вашынгтона, гаворыць Валер Карбалевіч, можа ўплываць на паступовае зняцце напружання на беларуска-еўрапейскіх межах. Дый самі ўлады РБ не раз сігналізавалі, што хацелі б нейкага пацяплення — у Лукашэнкі не так даўно адбылася нарада на гэты конт, амбасадар Беларусі ў Ватыкане Юрый Амбразевіч спрабуе сустракацца і весці размовы з еўрапейскімі дыпламатамі.

Я не выключаю пэўнага зняцця напружання на мяжы. Але зусім яно, канешне, не знікне, пакуль існуе гэты рэжым. Бо рэжым праводзіць палітыку крэпасці ў аблозе. Ён арыентаваны на палітычны, ідэалагічны, дыпламатычны канфлікт з Захадам. І не думаю, што нешта можа радыкальна памяняцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(4)