Гэта якраз той выпадак, калі пытаньне важнейшае і цікавейшае за адказ. У пытаньні закладзены тыя асьцярогі, трывогі, і, магчыма, комплексы, якія турбуюць беларускую эліту. Ці гатовая Расея прыйсьці на дапамогу, калі заходні ціск узмацніцца? Магчыма, гэта меў на ўвазе Лукашэнка, калі шмат разоў паўтараў, што нас чакае «няпросты год».
Карбалевіч: Пуцін ня мае пляну Б для Беларусі
Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч аналізуе на Радыё Свабода заявы Пуціна адносна Беларусі.
19 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на палях Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму правёў сустрэчу з кіраўнікамі сусьветных інфармацыйных агенцтваў. Ён сказаў, што Расея не зьбіраецца нападаць на Эўропу, а ў адносінах зь Беларусьсю ня будзе нічога мяняць.
Раней, да пачатку вайны, Пецярбурскі міжнародны эканамічны форум быў важнай падзеяй міжнароднага жыцьця і зьбіраў прадстаўнікоў эканамічнай эліты з усяго сьвету. Але пасьля нападу Расеі на Ўкраіну большасьць заходніх бізнэсаў пакінула РФ, форум моцна здрабнеў, ператварыўся больш у прапагандысцкае шоў. Сустрэча Пуціна з журналістамі — адзін з галоўных нумароў гэтага шоў.
Прэзыдэнт Расеі паўтарыў свае традыцыйныя наратывы пра міжнародную палітыку Крамля. Былі пытаньні, якія наўпрост ці ўскосна тычыліся Беларусі. Напрыклад, закранулі тэму ваеннай пагрозы ў адносінах Расеі і NATO.
Пуцін заявіў, што NATO не нясе пагрозы Расеі. Гэта трохі дзіўна, бо супярэчыць асноўным прапагандысцкім пастулятам, якія трансьлююць расейскія мэдыя. Таксама гэтая заява не стасуецца зь іншымі цьверджаньнямі афіцыйных асобаў РФ і дзеяньнямі Крамля.
Паводле расейскай афіцыйнай вэрсіі, напад на Ўкраіну быў абумоўлены тым, што NATO выкарыстоўвала «кіеўскі рэжым», каб пагражаць Расеі. Пуцін шмат разоў казаў, што пашырэньне Паўночнаатлянтычнага альянсу на ўсход пагражае РФ. І сумна вядомы «ультыматум», які Масква выставіла Захаду ў канцы 2021 году, патрабаваў адсунуць межы NATO на ўзровень 1997 году, інакш — вайна. І цяпер адна з умоваў заключэньня міру з Украінай, якую вылучыў Крэмль, — гэта неўступленьне Ўкраіны ў альянс.
Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка бясконца і красамоўна апавядае, як NATO (асабліва суседнія краіны) пагражаюць Беларусі, бо праводзяць вучэньні, павялічваюць абаронны бюджэт і нават ставяць міны на мяжы.
Зь іншага боку, як запэўніваў Пуцін, і Расея не пагражае NATO: «Што Расея зьбіраецца нападаць на Эўропу, на краіны NATO, — гэта тая самая неймаверная хлусьня, у якую спрабуюць прымусіць паверыць насельніцтва заходнеэўрапейскіх краін... Гэта трызьненьне».
Але, па-першае, тое самае казалі ў Крамлі перад нападам на Ўкраіну. Маўляў, чутка пра агрэсіўныя пляны Расеі супраць украінскай дзяржавы — гэта хлусьня, трызьненьне, правакацыя. І хто ж цяпер паверыць у шчырасьць крамлёўскіх?
Па-другое, калі ў Расеі няма плянаў нападаць на краіны NATO, то навошта тады пераабсталёўваць базу пад Асіповічамі дзеля захаваньня там расейскай ядзернай зброі? Навошта плянаваць разьмяшчэньне ў Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік»? Навошта праводзіць тут вучэньні «Захад-2025», якія моцна пужаюць суседзяў?
Сваё пытаньне задала і генэральная дырэктарка БЕЛТА Ірына Акуловіч. Можна было чакаць, што яна спытае нешта банальнае, кшталту таго, якія пэрспэктывы беларуска-расейскай інтэграцыі. Але яна задала пытаньне, якое, можна меркаваць, цяпер асабліва моцна хвалюе кіраўніцтва Беларусі, атачэньне Лукашэнкі.
Акуловіч спытала ў Пуціна, ці мае ён плян Б у выпадку ўзмацненьня санкцыйнага ціску з боку Захаду. Прэзыдэнт РФ адказаў фармальна: маўляў, такой праблемы не існуе, ёсьць плян А, гэта пашырэньне каапэрацыі і інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, гэта працуе, і ня варта тлуміць галаву.
Расейскі прэзыдэнт таксама адзначыў посьпехі эканамічнай інтэграцыі дзьвюх краін у сфэры авіябудаваньня: «Дзесьці, можа быць, невялікія, сьціплыя самалёты Беларусь можа рабіць — адна, сама, пры нашай каапэрацыі. А дзесьці — удзельнічаць у глыбейшай каапэрацыі ў вытворчасьці лётных апаратаў, фінальная зборка якіх будзе адбывацца ў Расеі».
Вядома, што з будаўніцтвам самалётаў у РФ у выніку заходніх санкцыяў узьніклі вялікія праблемы. І Беларусь тут мала чым дапаможа. Вось нават з вытворчасьцю ровараў дрэнна атрымліваецца (завод «Мотавела» ледзь падае прыкметы жыцьця). І добрую сякеру вырабіць не атрымоўваецца, і Лукашэнку даводзіцца дэманстраваць сваё майстэрства ў сячэньні дроваў фінскім інструмэнтам, бо на беларускі аналяг, паводле ягоных словаў, «жудасна глядзець». А вы кажаце пра самалёты...
Читайте еще
Избранное