Гісторык: «Ці пагодзіцца Лукашэнка і ягонае атачэнне на тое, што кіраўніка Беларусі будуць прызначаць з Масквы?»

Ці перажывуць беларусы «русский мир».

Павел Церашковіч

Гісторык Павел Церашковіч у падкасце Радыё Свабода разважае пра тое, ці перажывуць беларусы «русский мир». Нагодай для гутаркі стала актуальная сітуацыя ў сістэме адукацыі Беларусі.

У перадачы былі агучаныя пагрозьлівыя лічбы: Расія ў 17 разоў павялічыла квоты для беларускіх абітурыентаў у сваіх ВНУ. Акрамя таго, міністр адукацыі Андрэй Іванец анансаваў прыезд у Беларусь па абмене паўсотні расійскіх прафесараў.

Не кажучы ўжо пра тое, што зараз ідуць спробы напісання расійска-беларускіх падручнікаў па гісторыі. Прывядзём некалькі момантаў інтэрв’ю.

«Маштаб інтэрвенцыі сапраўды беспрэцэдэнтны»

— У Беларусі дзейнічае некалькі інстытутаў так званай «мяккай сілы». Гэта офісы дзяржаўнай карпарацыі «Россотрудничества», прадстаўніцтвы фундацыі «Русский мир», а таксама прадстаўніцтва фундацыі публічнай дыпламатыі імя Гарчакова, — зазначыў гісторык.

Па яго словах, адна толькі колькасць прапанаваных расійскіх стыпендый у мінулым годзе пакрыла ўвесь беларускі бакалаўрыят. Але найбольшую небяспеку ўяўляе сабой менавіта шырокая прадстаўленасць вышэйпамянёных структураў.

Павел Церкашковіч прывёў канкрэтны прыклад: звычайна РФ мае ў замежных краінах не больш за два «русских дома», а ў Беларусі іх ужо чатыры — у Мінску, Гродне, Брэсце і Гомелі. Акрамя таго, у Магілёве дзейнічае так званы інфармацыйны цэнтр, які паводле сваёй дзейнасці мала чым ад іх адрозніваецца.

Гісторык нагадаў, што ў 2014-м офісы «Россотрудничества» ў Крыме і на ўсходзе Украіны сталі галоўнымі падбухторшчыкамі да сепаратыўных дзеянняў.

А ў артыкуле расійскага паліттэхнолага Цімафея Сяргейцава (люты 2022-га) «Что Россия должна сделать с Украиной» офісам «Россотрудничества» адводзілася роля акупацыйных цэнтраў на захопленай тэрыторыі.

Небяспека ад гэтых структураў у тым, што яны нацэленыя на адукацыю, падкрэслівае Церашковіч — ад школьнай да вышэйшай. Яны ладзяць для школьнікаў паходы на прапагандысцкія выставы і кінапрагляды, адсочаюць таленавітых і перспектыўных маладых даследчыкаў.

У чым моц расійскай прапаганды

Павел Церашковіч нагадвае, што сучасная пуцінская прапаганда сваімі каранямі ідзе ў мінулае стагоддзе. Роўна сто год таму пачалося радыёвяшчанне на замежных мовах у СССР. Гэты момант і стаў кропкай адліку існавання савецкай прапаганды.

Сённяшняя прапагандысцкая машына ў Расіі напоўніцу задзейнічала сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, уключна з сацсеткамі.

— У гэтую прапанаганду ўкінутыя каласальныя рэсурсы. Мы нават да канца не ўяўляем, наколькі яны моцныя.

Розніца паміж савецкай асновай і сучаснай прапагандай у тым, што сёння пуцінскі рэжым мае несупастаўна большыя і магутныя тэхнічныя магчымасці.

І калі ў савецкай прапагандзе асноўным складнікам была ідэалогія, а на палітычныя тэхналогіі прыпадала каля 10%, то сённяшнія прапорцыі выглядаюць дакладна наадварот.

Ідэалогія ў пуцінскай прапагандзе неструктураваная, невідавочная, нібы заблюраная. Але дзякуючы татальнай вазе паліттэхналогій усё працуе звышэфектыўна, кажа гісторык.

І гэтаму ў сучасным свеце проста няма аналагаў: «Па тэхнічных магчымасцях гэта далёка пераўзыходзіць Савецкі Саюз і нацысцкую Германію».

Наколькі глыбока «русский мир» пранік у беларурускую душу

Гісторык пагаджаецца з думкай пра тое, што прапагандысцкія інстытуты Беларусі і Расіі фактычна сінхранізаваліся за апошнія гады.

Але пакуль захоўваюцца ідэалагічныя адрозненні. Галоўны стрыжань «русского мира» — ідэі еўразійства. І ў Беларусі на сёння лічаныя адзнкі ягоных адэптаў. З чаго можна зрабіць выснову, што гэты кампанент не прыжываецца сярод беларусаў.

Даходзіць да таго, што некаторыя адданыя прыхільнікі Лукашэнкі, выключна лаяльныя да яго, выступаюць супраць ідэй еўраазійства.

Не замацаваўся у Беларусі і другі кампанент — класічная геапалітыка канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, адроджаная ў сённяшняй Расійскай Федэрацыі. «Той апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма».

А вось яскравае супадзенне назіраецца ў кульце Перамогі, які ператварыўся ў культ вайны, адзначае гісторык. У апошнія гады ў Беларусі актыўна запазычваюцца расійскія практыкі культа Перамогі, чаго раней практычна не было.

У тым ліку выкарыстанне дзяцей у ваенізаваных шэсцях, што ўсё больш нагадваюць карнавал.   

Што ратуе беларускую свядомасць

Наяўнасць дзяржавы, дзяржаўнасці — нават у тым выглядзе, у якім яна існуе сёння — адыгрывае вялікую ролю ў захаванні агульнабеларускай свядомасці, перакананы Павел Церашковіч: «Безумоўна, гэта ўплывае вельмі пазітыўна».

Гісторык падкрэсліў, што нават у сённяшняй наскрозь залежнай ад Масквы Беларусі сярод людзей, што прымаюць рашэнні, ёсць тыя, хто супраціўляецца экспансіі «русского мира».

Па яго словах, вышэйпамянёныя 1300 стыпендый для беларускіх бакалаўраў выклікалі пратэст у ведамстве Іванца. Пра гэта ў мінулым годзе заявілі ў «Россотрудничестве», папракнуўшы беларусаў тым, што іх студэнты тысячамі едуць на вучобу ў Польшчу.

А колькі год таму ў Акадэміі кіравання была абароненая дысертацыя на тэму таго, што ідэалогія «русского мира» не пасуе беларусам, што яны яе не прымаюць. Роўна як і ідэю рускага месіянізму.

Ці выстаіць беларуская ідэнтычнасць

Гісторык Церашковіч досыць аптымістычна глядзіць на будучыню беларуская ідэнтычнасці, зважаючы на тое, што адбывалася ў апошнія гады існавання СССР.

— У 70-80 гады быў падручнік па гісторыі БССР, але не было дысцыпліны ў школах па гісторыі Беларусі. І настаўнік вымушаны быў уводзіць у курс гісторыі СССР асобныя заняткі па гісторыі Беларусі. Сёння такая дысцыпліна ёсць.

Сюды ж гісторык дадае існаванне курса Гісторыі беларускай дзяржаўнасці для вну: «Гэта таксама садзейнічае захаванню беларускай ідэнтычнасці».

І які б не быў змест гэтага курса, уключна са спробамі выставіць русіфікацыю больш пазітыўнай, чым паланізацыю, сам факт існавання яго раздражняе Расію. Адсюль і спробы стварыць супольны падручнік гісторыі.

Ці знікне Беларусь, калі знікне беларуская дзяржава?

Інкарпарацыя Беларусі ў Расію магчымая, кажа Церашковіч. Пры гэтым ён упэўнены, што ў такім разе не будзе ніякага ўваходжання шасцю абласцямі ці новай федэральнай акругі.

— Фармальна дзяржаўнасць захваецца, будзе захаваная і дзяржаўнасць беларускай мовы. Праўда, гэта нічога не будзе значыць. Ва Удмурціі ўдмурцкая мова мае дзяржаўны статус, і што гэта азначае? Нічога не азначае, апроч наяўнасці двухмоўных шыльдаў. Магчыма, будзе варыянт такі.

Паводле гісторыка, вонкава Расія дэкларуе роўнае развіццё для ўсіх нацыянальных меншасцяў і народаў. Але на практыцы ўсё зводзіцца да кулінарна-танцавальнай формы. Таму, ансамбль «Харошкі» і дранікі ў Беларусі застануцца, сумна іранізуе Церашковіч.

І ўсё ж гісторык лічыць, што інкарпарацыя не адбудзецца. Бо існаванне нацыянальнай рэспублікі ў складзе сучаснай Расіі найперш датычыць пытанняў улады, а не гісторыі і культуры. Там даўно прызначаюць кіраўнікоў з цэнтра, адмяніўшы выбары, што ладзіліся ў 90-х:

— Перад рэжымам Лукашэнкі стаіць такое пытанне. Ці пагодзіцца нават не ён, а ўсё яго атачэнне, уся ягоная бюракратыя, на тое, што кіраўніка будуць прызначаць з Масквы? Прывязуць там з якога-небудзь Хабараўска, напрыклад, і паставяць кіраваць. Мне падаецца, што гэтага ўсё ж не адбудзецца.