Филин

Юлія Кот

Дракахруст: «Нават з гіпатэтычна моцнай пазіцыі, з важкім бэкграўндам палітык можа не ўзляцець»

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода ў каментары Филину — пра «прадмову да палітычнага маніфесту» Бабарыкі і рызыкі расколу ў дэмакратычных сілах.

Пасля заўважнай паўзы і ўпершыню пасля вызвалення Віктар Бабарыка выказаўся пра тое, якой бачыць цяперашнюю рэчаіснасць і якія мае планы на будучыню. Нягледзячы на абачлівасць і няпэўнасць фармулёвак, можна меркаваць, што ён мае планы вярнуцца ў палітыку — прынамсі «пачынае рух у накірунку фармавання» плана дзеянняў, як уласных, так і сваіх аднадумцаў.

Звяртае на сябе ўвагу расплывістасць фармулёвак — так бы мовіць, за ўсё добрае супраць усяго дрэннага, а таксама бюракратычны стыль. І тым не менш — варта чакаць вяртання? Якія высновы можна зрабіць з гэтых публічных заяў?

— Я сказаў бы, што гэта яшчэ не палітычны маніфест, хутчэй, прадмова да яго, — адзначае ў гутарцы з «Филином» палітычны аглядальнік Юры Дракахруст. — Фактычна Бабарыка абвяшчае, што ён будзе займацца палітыкай, расстаўляе некаторыя палітычныя акцэнты (прынамсі сказана пра расейскае ўварванне, пра пакуты ўкраінскага народа — што кантрастуе з першай ягонай прэсавай канферэнцыяй ва Украіне).

Акрамя таго, адзначу агульны тон гэтых заяў — ён памяркоўны, не агрэсіўны і не канфрантацыйны адносна ўлады. У прынцыпе, якім быў і ў 2020 годзе. Але ж вы маеце рацыю ў тым, што нейкага крэда ён ня выказаў, пазіцыянавання сярод розных падыходаў, якія цяпер ёсць у беларускім палітычным жыцці, не зрабіў.

І ў гэтым адрозненне, напрыклад, ад яго паплечніцы Марыі Калеснікавай, якая ў сваіх інтэрв’ю паказала, якая яе пазіцыя: за нармальнасць, за перамовы з Лукашэнкам, супраць санкцый. Але ж, мяркую, і Бабарыка сваю пазіцыю неўзабаве выкажа больш акрэслена, і хутчэй за ўсё яна будзе блізкай да пазіцыі Калеснікавай.

— Але тое, што працавала ў 2020-м, ці спрацуе ў 2026-м? Ці ёсць цяпер аўдыторыя, гатовая гэтыя заклікі ўспрымаць?

— Магчыма, ёсць, і зараз у пэўным сэнсе нават большая, чым тады.

Беларускае грамадства, я сказаў бы, абпяклося аб 2020 год і ўсвядоміла, чаго каштуюць больш радыкальныя заклікі. Мы бачым у тым жа Іране, што каштаваць гэта можа і тысячы, калі не дзясяткі тысяч забітых. І ніхто не можа сказаць, што Лукашэнка так не здольны дзейнічаць у выпадку чаго.

Таму калі казаць пра беларускае грамадства наогул, то думаю, вялікая яго частка ўспрыняла б такія пасылы. Іншая справа, як таму ж Бабарыку дагрукацца да беларускага грамадства ў Беларусі.

У ягонай заяве даволі выразная частка — пра падзел паміж беларусамі ў эміграцыі і беларусамі з краіне, ён фіксуе, што ёсць шмат у чым непаразуменне, якое трэба пераадолець. І ў гэтым сэнсе даступная для яго аўдыторыя — гэта збольшага дыяспара. А наколькі яна гатовая слухаць такія памяркоўныя заклікі — пытанне. Думаю, у меншай ступені, чым людзі ў Беларусі.

Таму пайсці ў палітыку з такімі заклікамі, ды з ягонай біяграфіяй — рызыкоўнае прадпрыемства. Якім яно, зрэшты, было і ў 2020-м. Зараз тым болей. Ніхто не ведае, як з-за мяжы дагрукацца да грамадства ў Беларусі.

— Гаворачы пра рызыкі — як вяртанне ў палітыку з такімі наратывамі адаб’ецца на стане дэмакратычных сіл? Ці не адбудзецца тое, што мы назіралі ў папярэднія гады — разыходжанне, раскол замест таго, каб рухацца ў адным кірунку?

— Пэўны раскол проста непазбежны сама меней з дзвюх прычын.

Па-першае, і Бабарыка, і Калеснікава — буйныя палітычныя фігуры. Мы гэта ўбачылі, дарэчы, па рэакцыі на заявы Калеснікавай. Яна ж не сказала нічога адрознага ад таго, што гаварыў Іван Краўцоў з 2021 года, што казалі Андрэй Ягораў, Валер Кавалеўскі, Таццяна Хоміч, якія адстойвалі гэтую лінію. Але іх словы не выклікалі такога выбуху эмоцый, такой жарсці ў беларускіх абмеркаваньнях, і такой заўважнай рэакцыі на Захадзе.

Паводле вядомай прымаўкі, двум мядзведзям цяжка ўжыцца ў адной бярлозе. І Ціханоўская мядзведзіца, і Бабарыка і Калеснікава — фігуры буйнога калібру. І можа так здарыцца, хоць гэта і не абавязкова, што ў розных сталіцах прыйдуць да высновы: Ціханоўская ўжо не прадстаўляе ўсю дэмакратычную Беларусь і трэба размаўляць прынамсі і з іншымі.

Па-другое, у адрозненне ад многіх іншых падзелаў, цяпер у аснове — канцэптуальныя, стратэгічныя адрозненні. Пазіцыя каманды Ціханоўскай — узмацненне санкцый, ізаляцыя рэжыму. Пазіцыя ж Калеснікавай (і магчыма, у Бабарыкі яна будзе падобнай) зусім іншая, па сутнасці, заклік вярнуцца ў 2019 год.

І ў дыялогу з заходнімі партнёрамі гэтыя дзве плыні будуць заклікаць рабіць абсалютна розныя рэчы.

На думку аналітыка, публічна гэтыя сутыкненні могуць адбыцца ўжо хутка, але прынамсі напачатку тон іх не будзе рэзкім, скандальным. У сярэдзіне лютага адбудзецца Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы, на якую запрошаная Марыя Калеснікава — і куды, хутчэй за ўсё, будзе запрошаная Святлана Ціханоўская.

— Пэўная супраца, узаемадзеянне будуць, але поўнай згоды — не, бо яны за рознае. А інтэграваць супрацьлеглыя падыходы ў адзін даволі складана, — адзначае Юры Дракахруст.

Зрэшты, дадае ён, ці зменіцца канфігурацыя ў дэмсілах — пытанне адкрытае. Бо ў сучаснай беларускай гісторыі ўжо былі прыклады, калі набыты палітычны капітал не меў працягу. Аналітык згадвае не толькі шлях Сяргея Ціханоўскага, які, падобна, не стаў наноў важным актарам беларускай палітыкі, але і, напрыклад, шляхі Аляксандра Казуліна і Андрэя Саннікава.

— Прайшло ўжо столькі гадоў — ну і? Гэты досвед паказвае: нават з гіпатэтычна моцнай пазіцыі, з важкім бэкграўндам палітык можа не ўзляцець, другі раз не ўвайсці ў адну раку. Таму гарантый ні ў кога ніякіх няма. А знаходжанне па-за межамі Беларусі робяць яшчэ больш складанай камунікацыю з беларусамі ўнутры краіны, — рэзюмуе Юры Дракахруст.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.7(26)