Доктар Белавешкін: У беларускай медыцыны ёсць моцныя бакі, але беларусы могуць жыць гадоў на 10 больш

Доктар, кандыдат медыцынскіх навук, аўтар кніг пра здаровае харчаванне Андрэй Белавешкін — пра беларускую сістэму аховы здароўя.

 — З аднаго боку, застаецца шмат людзей, якія добра робяць сваю працу і стараюцца. З іншага, гэта, канешне, недастаткова для якаснага здароўя людзей, для дабрабыту, — кажа Андрэй Белавешкін пра стан сённяшняй беларускай медыцыны ў інтэрв’ю ТОК. — Гэта сістэма працуе, як мне падаецца, на мяжы сваіх магчымасцяў.

Андрэй Белавешкін

— Становіцца менш добрых лекараў, бо яны  находзяць працу ў Германіі, Польшчы. Канешне, вельмі шкада, бо з'язджае не толькі лекар, але і яго станоўчы ўплыў на іншых лекараў, на пацыентаў, сяброў. Я думаю, што ад'езд добрага лекара — нашмат большая страта для медыцыны, чым проста нейкая колькасць недалечаных пацыентаў. Я ўпэўнены, што лекар — гэта заўсёды больш, чым пацыенты.

У беларускай сістэме медыцыны, адзначае доктар, ёсць моцныя бакі:

– Безумоўна, гэта еўрапейскі дзесьці падыход, тое, што яна больш-менш даступная для людзей. Яны могуць атрымаць дапамогу, асабліва калі мы параўноўваем з амерыканскай мадэллю.

Пэўныя інавацыі, тэхналогіі таксама ўводзяцца, але рэсурсы, якія ўліваюцца, могуць быць нашмат больш удала размеркаваны, таму што беларусы могуць жыць гадоў на 10 больш, чым зараз, і гэта вельмі важна.

Як і ў любой сістэме, якая кіруецца зверху, заўсёды будуць нарастаць дысбалансы і пэўныя неадэкватныя рэчы, пачынаючы ад прэпаратаў, якія не маюць даказанай эфектыўнасці, скончыўшы непатрэбнымі працэдурамі. Гэта таму, што ўнутры сістэмы няма самарэгуляцыі.

У іншых краінах ёсць навуковыя таварыствы, якія распрацоўваюць пратаколы лячэння. І пэўны кангламерат, напрыклад, кардыёлагаў, можа змяніць свае пратаколы і лекаваць больш сучасна.

У Беларусі такое немагчыма — каб нешта змяніць, патрэбен загад, які можа кіравацца зусім іншай матывацыяй: напрыклад, неабходнасцю больш дадаваць беларускіх прэпаратаў, бо мы проста можам наладзіць іх вытворчасць.

Белавешкін таксама адзначае, што ў Беларусі трэба паляпшаць прэвентыўную медыцыну. Да таго дадае, што практыка, калі доктары ходзяць да пацыентаў па кватэрах , — гэта «абраза лекараў і абсалютнае невыкарыстанне іх інтэлекту і часу».

— Мая асабістая цікавасць яшчэ з часоў, калі працаваў у бальніцы хуткай, — зрабіць так, каб людзі туды не трапілі.

Адзін рубель, які мы выдаткавалі на прафілактыку загадзя, сэканоміць 100 або 1000 рублёў потым. Найперш павінна быць прэвентыўная медыцына, якая накіравана на тое, каб зменшыць рызыку, каб хваробы не развіваліся.

Я думаю, гэта павінна быць на сістэмным узроўні.

Прыкладам такога з'яўляюцца самыя простыя рэчы, якія мы ўспрымаем як само сабой зразумелае — гэта чыстая вада, пэўны стандарт якасці прадуктаў, ёд у солі.

Можна ўзяць за прыклад дзяржаўную праграму Фінляндыі, бо там літаральна за 15 гадоў змаглі знізіць колькасць захворванняў сэрца.

З дзіцячых садкоў распавядаюць, што ёсць садавіна, абалоніна. Таксама возьмем селен — яго дэфіцыт можа ўплываць (на здароўе — С.). І Фінляндыя замест таго, каб людзі куплялі дадаткі селена, дадалі яго ва ўсе ўгнаенні. Усё грамадства выйграе ад гэтай інтэрвенцыі.

Апроч таго, доктар адказаў на пытанне пра дарэчнасць падарункаў ад пацыентаў медыкам:

— Навуковы эксперымент: сапраўды, калі доктару нешта падарыць да кансультацыі, ён трошку лепш паставіць дыягназ. То бок з навуковага пункту гледжання, нават калі гэта сімвалічна, гэта можа спрацаваць…  

Але ж я думаю, што гэта недарэчна. Доктар не павінен мець патрэбу ў гэтым увогуле. І калі ён не мае ніякай патрэбы ў гэтых падарунках, гэта пачынае выглядаць недарэчна і нават прыніжальна. Калі доктар атрымлівае добры заробак — для яго ўзнагарода тое, што ён дапамог.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)