Политика

Цыганкоў: «Пакуль ёсьць фармальны сувэрэнітэт, у любы момант улада можа зьмяніцца, і ён можа стаць сапраўднай незалежнасьцю»

Палітычны аглядальнік — пра тое, чаму не варта слухаць тых, хто патрабуе «ўсіх разагнаць».

— Як я часам кажу, я не спрачаюся зь людзьмі, а спрачаюся зь ідэямі – ня важна, хто гэтыя ідэі вылучае. І вось адна з апошніх ідэяў – усе структуры «дэмсілаў» распусьціць, паколькі адны скандалы й нічога не працуе, — піша Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

Гм, даволі дзіўная (скажам мякка) ідэя — калі глядзець на яе рацыянальна, без эмоцыяў, з гледзішчы патэнцыйных наступстваў.

Любая палітычная інстытуцыя выконвае (больш ці менш удала) пэўную функцыю. Калі мы распускаем нейкую інстытуцыю, то спадзяемся, што на яе замену прыйдзе іншая структура, якая будзе выконваць гэтую функцыю больш пасьпяхова. Але гэта абсалютна нерэальна ў нашых канкрэтных умовах.

Калі нават нейкім цудоўным чынам дапусьціць, што пасьля роспуску існуючых структураў усе-усе-усе антылукашэнкаўскія сілы зьбяруцца на нейкі новы кангрэс, занава аб’яднаюцца, абяруць сабе новых лідэраў (ужо гучыць маларэалістычна)… то гэта ўсё не заменіць тое, што называецца на сёньня «легітымнасьць Сьвятланы Ціханоўскай» і яе назапашаныя за апошнія гады палітычныя кантакты.

Не даводзіцца спадзявацца, што пасьля «разгону» замежныя лідэры замест Ціханоўскай пачнуць сустракацца з Пазьнякам, Бульбай ці Балкунцом (бяру ўмоўна прозьвішчы самых прыкметных яе крытыкаў). Замежныя лідэры проста перастануць сустракацца на высокім узроўні з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Я б нават правёў тут аналёгію зь беларускім сувэрэнітэтам – калі мы кажам пра важнасьць і неабходнасьць нейкай «інстытуцыі». Які б ён ня быў сёньня, – абрэзаны, залежны, абмежаваны – але ён існуе, юрыдычны й фармальны сувэрэнітэт, і гэта самае важнае з гістарычнага гледзішча. Важней за тое, хто яго ўзначальвае, якія (кепскія) парадкі ў ім існуюць.

Паколькі пакуль ёсьць фармальны сувэрэнітэт, у любы момант улада можа зьмяніцца, парадкі могуць зьмяніцца, могуць зьмяніцца замежнапалітычныя абставіны і сувэрэнітэт можа стаць сапраўднай незалежнасьцю, дэмакратыяй, можа пайсьці ў іншым геапалітычным накірунку.

Што мы й назіралі ў 1991-м, калі фармальныя «на паперы» сувэрэнітэты савецкіх рэспублік пераўтварыліся ў рэальна незалежныя дзяржавы.

(І я дарэчы, салідарны з тымі палітыкамі, якія кажуць, што барацьба за захаваньне сувэрэнітэту павінна стаць галоўнай у дзейнасьці Офіса і ўсіх дэмакратычных сілаў – хаця па іншых пытаньнях у мяне зь імі будуць яўныя рознагалосьсі).

Сувэрэнітэт – гэта тая самая інстытуцыя, якая пры лепшых умовах можа расквітнець і набыць зусім іншую ад цяперашняй форму. Так і інстытуцыі, створаныя пасьля 2020-га – іх можна напаўняць новым зьместам, іншымі людзьмі, альтэрнатыўнай стратэгіяй – але контрпрадукцыйна іх «распускаць».

Канешне, людзі, якія заклікаюць усё распусьціць, разумеюць, што ніякай новай роўнаважкай інстытуцыі не ўзьнікне. Ім проста хочацца ўсё распусьціць. Яны ведаюць, што робяць. І гэта трэба разумець і канстатаваць.

Дарэчы, Леў Троцкі, тагачасны наркам замежных справаў савецкай Расеі, вылучыў сваю формулу «ні міра ні вайны, армію распусьціць», калі быў кіраўніком савецкай дэлегацыі на перамовах зь немцамі ў Берасьці. Практычныя немцы ня доўга зьдзіўляліся гэтай дзіўнай фармулёўцы, і пачалі наступаць. У выніку Савецкая Расея была вымушана падпісаць Берасьцейскі мір (3 сакавіка 1918), на значна горшых умовах.