Общество

Марына Міхайлава

«А што адчувалі Міхась Чарот, Алесь Дудар, іншыя сотні расстраляных?»

«Салідарнасць» распавядае, як беларусы Вільнюса ўшанавалі памяць ахвяр Чорнай ночы беларускай культуры.

У гэтыя дні беларусы з розных краін свету, ад Вялікай Брытаніі і Бразіліі да Францыі і ЗША,  ладзяць сімвалічную акцыю — Ноч (не)расстраляных паэтаў. У Вільнюсе яна ўжо традыцыйна адбылася пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай і прайшла 29 кастрычніка ля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду.

Прычым на дзвюх мовах, літоўскай і беларускай, таму да паўсотні ўдзельнікаў акцыі памяці час ад часу далучаліся месцічы і турысты.

Гісторык Павел Церашковіч, дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі, нагадаў прысутным, што ў чорную ноч 88 год таму у Мінску былі расстраляныя не толькі літаратары, але наогул цвет беларускай нацыянальнай эліты: 3 рэктары БДУ, трое акадэмікаў, 13 прафесараў і даследчыкаў. І такая ноч была не адзінай:

— Былі расстраляныя ўсе наркомы асветы. З 9 даваенных рэктараў БДУ толькі дзве асобы пазбеглі рэпрэсій, і тое выпадкова. Рэпрэсавалі не толькі беларусаў — яўрэяў, літоўцаў, латышоў. Сектар літоўскай гісторыі і культуры Акадэміі навук быў знішчаны цалкам.

Ахвярай рэпрэсій, нагадаў гісторык, стала і беларуская мова, кнігі — рукапісы літаральна палілі, гістарычная памяць — нават Францыска Скарыну назвалі «сярэднявечным манахам-цемрашалам».

Але ж катам і карнікам не ўдалося знішчыць памяць. Экс-палітвязень, блогер Мікола Дзядок на імпрэзе прызнаўся: яшчэ нядаўна, калі знаходзіўся ў вязніцы, ён трымаў у галаве верагоднасць, што адтуль ніколі не выйдзе.

— Калі ішоў на імпрэзу, думаў: а што адчувалі Міхась Чарот, Алесь Дудар, іншыя сотні расстраляных, седзячы ў сваіх камерах і ведаючы, што надзеі ўжо няма? Думаю, яны хацелі таго ж самага, чаго хацелася і мне — каб іх памяталі.

Мы, знаходзячыся ў выгнанні, на жаль, не маем улады зрабіць так, каб у Беларусі проста зараз скончыўся тэрор і прыйшла свабода. Але маем уладу захаваць памяць аб гэтых людзях.

Памяць аб іх, фактычна, іхняя бессмяротнасць — у нашых руках. Без усялакага перабольшання, нашая памяць — гэта нашая зброя. І яе не адніме ніхто, хіба толькі мы самі яе не кінем. Але мы гэтага ніколі не зробім!

 

Не раз і не два прамоўцы са сцэны праводзілі паралелі з цяперашнім часам і згадвалі беларускіх палітвязняў.

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна прызналася, што верш  «Прысяга» Міхася Чарота яна разам з малой дачкой чытала на памятнай акцыі добры дзясятак год таму — але сёння ён гучыць асабліва пранізліва, бо тое самае адчуваюць беларусы, якіх Марыя абараняла ад беззаконня ў лукашэнкаўскіх судах.

Джазмен Павел Аракелян прысвяціў адну з песень — на верш Рыгора Барадуліна «Узятыя на смерць павінны жыць…» — Мікалаю Статкевічу.

Экскурсаводка і даследніца сталінскіх рэпрэсій, былая палітвязынка Валерыя Чарнаморцава, згадала, як акурат у Ноч расстраляных паэтаў яна сама «заехала на Валадарку» — і адчула, наколькі вершы загінулых у 1930-ыя літаратараў актуальная для сучаснасці.

— Іх голас не згас, — падкрэсліла Людвіка Кардзіс, дырэктарка Віленскага Беларускага музея імя І.Луцкевіча, — ён працягвае жыць у кожным з нас.

І таму, нягледзячы на надвор’е, эмігранцкія складанасці, неспрыяльныя абставіны, беларусы Вільні штогод працягваюць збірацца, каб ушанаваць памяць беларускіх дзеячаў навукі і культуры, паэтаў і пісьменнікаў, расстраляных у чорную ноч на 30 кастрычніка 1937 года.

Бо рух да будучыні немагчымы без памяці пра мінулае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)